Беларуская Служба

Пяць чалавек памерлі ў выніку заражэння каранавірусам у Польшчы

17.03.2020 09:13
У аўторак колькасць заражаных у Польшчы павялічылася на 42 чалавекі – да 221.
Каранавірус у Польшчы PAP/Jakub Kaczmarczyk

Усе яны знаходзяцца ў стабільным стане.

Пяты пацыент памёр у шпіталі ў Валбжыху. У 57-гадовага мужчыны было сцверджана захворванне COVID-19, акрамя таго ён меў іншыя захворванні. Яго стан акрэсліваўся як сярэдне цяжкі. Гэта другая смерць пацыента з каранавірусам у Ніжняй Сілезіі і пятая ў Польшчы.

У панядзелак Міністэрства аховы здароўя інфармавала пра чацвёртага пацыента, які памёр у выніку каранавірусу – у шпіталі ў Ланцуце, у Падкарпацкім ваяводстве. 

У сувязі з пазітыўным вынікам тэсту на прысутнасць каранавіруса ў міністра навакольнага асяроддзя Міхала Вося, усе польскія міністры, прысутныя на апошнім паседжанні, прайшлі тэсты на прысутнасць каранавіруса. Яны здаровыя.

Еўрапейскія краіны ўводзяць чарговыя крокі ў барацьбе з распаўсюдам віруса. Іспанія ўвяла кантроль на межах з Францыяй, Марока і Партугаліяй. Гэта азначае стрыманне руху з суседнімі краінамі.

Францыя ўводзіць каранцін на тэрыторыі ўсёй краіны. Выйсце з дому магчымае выключна з пісьмовым абгрунтаваннем і толькі ў самых неабходных мэтах: пакупкі, паездка на працу ці да лекара.

ав