Беларуская Служба

Польская чыгунка запускае цягнікі міжнароднага злучэння

12.06.2020 20:17
Кампанія нагадвае, што ў вагонах на працягу цэлага падарожжа неабходна знаходзіцца ў масцы альбо іншым чынам закрываць нос і рот.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.PKP, materiały prasowe

Польская дзяржаўная чыгуначная пасажырская кампанія PKP Intercity – аператар міжнародных і ўнутраных міжгародніх цягнікоў, – узнаўляе міжнародныя спалучэнні.

У сувязі з адкрыццём межаў 22 чэрвеня пачне курсіраваць экспрэс «Вісла» па маршруце Варшава – Берлін. З Варшавы Усходняй «Вісла» будзе адпраўляцца а 6:29 і прыбываць на вакзал Берлін-Хаўптбанхоф а 12:16. У зваротным напрамку склад адправіцца а 15:43 і прыбудзе ў польскую сталіцу а 21:21. У наступныя дні на трасу з Варшавы ў Берлін выйдуць экспрэсы «Шпрэе» і «Одра», а 26 чэрвеня – цягнік «Геданія» Гданьск – Берлін.

Таксама 22 чэрвеня будзе ўзноўленае курсіраванне экспрэсаў «Палонія» і «Сабескі» па маршруце Варшава – Вена. У гэты ж дзень пасля перапынку, звязанага з эпідэміялагічнай сітуацыяй, на трасы выйдуць цягнікі з Варшавы ў Остраву і Прагу, з Кракава і Катавіцаў у Прагу, а таксама з Пшэмысля ў Грац і Остраву.

Кампанія нагадвае, што ў вагонах на працягу цэлага падарожжа неабходна знаходзіцца ў масцы альбо іншым чынам закрываць нос і рот.

Паступова будуць адкрывацца іншыя чыгуначныя спалучэнні ў міжнародным паведамленні з краінамі Еўрасаюза.

Калі будзе ўзноўлены чыгуначны рух з дзяржавамі, якія не з'яўляюцца членамі ЕС, у тым ліку з Беларуссю, пакуль невядома. Як паведамлялася, Еўрасаюз прадоўжыў закрыццё знешніх межаў да 1 ліпеня.

вс