Беларуская Служба

У выбарчыя бюлетэні трапіла 11 кандыдатаў у прэзідэнты

13.06.2020 09:56
Паводле выбарчага календара, да 16 чэрвеня палякі змогуць паведаміць выбарчаму камісару аб жаданні паўдзельнічаць у выбарах завочна.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneASkwarczynski/Shutterstock

Дзяржаўная выбарчая камісія падала інфармацыю пра кандыдатаў, якія балатуюцца на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Польшча. За самую важную пасаду краіне пазмагаюцца 11 чалавек.

«Дзяржаўная выбарчая камісія апублікуе дадзеныя кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Польшча на выбарах, прызначаных на 28 чэрвеня 2020 года», – гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы.

На прэзідэнцкіх выбарах палякі змогуць аддаць свой голас за Роберта Бедраня, Кшыштафа Босака, Анджэя Дуду, Шымона Галоўню, Марка Якубяка, Уладзіслава Касіняка-Камыша, Міраслава Пятроўскага, Паўла Танайна, Рафала Тшаскоўскага, Вальдэмара Віткоўскага і Станіслава Жуўтка.

Паводле выбарчага календара, да 16 чэрвеня палякі змогуць паведаміць выбарчаму камісару аб жаданні паўдзельнічаць у выбарах завочна. Да 13 чэрвеня быў час паведаміць консулу аб намеры завочнага галасавання за мяжой.

У сваю чаргу, да 21 чэрвеня Дзяржаўная выбарчая камісія зможа прыняць пастанову аб арганізацыі на тэрыторыі муніцыпалітэта або яго часткі выключна завочнага галасавання, калі там абвострыцца эпідэмічная сітуацыя.

Выбарчая кампанія завершыцца 26 чэрвеня ў 24.00. Галасаванне пройдзе 28 чэрвеня з 7.00 да 21.00.

PAP/эж