75 гадоў таму, 21 чэрвеня 1945 года, у Маскве быў вынесены прысуд па справе кіраўнікоў Польскай Падпольнай Дзяржавы, які ў гісторыю ўвайшоў як «Працэс шаснаццаці».
Сярод падсудных былі камандуючы ўзброенымі сіламі Польшчы генерал Леапольд Акуліцкі і старшыня Рады нацыянальнага адзінства Казімеж Пужак. Усяго судзілі 16 палякаў, адсюль і назва – «Працэс шаснаццаці». Іх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы разам з Нямеччынай нападу на Савецкі Саюз. Было таксама абвінавачанне ў стварэнні атрадаў, якія павінны былі забіваць праціўнікаў Арміі Краёвай і савецкіх вайскоўцаў. Абвінаваўчы акт утрымліваў лік меркаваных ахвяраў «польскага тэрору» – сто савецкіх салдат.
Гэта быў адзін з найбуйнейшых дэманстрацыйных працэсаў, якімі камуністычныя ўлады, у тым ліку і ў Польшчы, спрабавалі запалохаць грамадства. Чатырохдзённае слуханне ў Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР, шырока асвятлялася цэнтральным друкам. Гэта павінна было дыскрэдытаваць у вачах свету легітымныя ўлады і антыкамуністычны рух супраціву Польшчы.
Напярэдадні працэсу кіраўніцтва Польскай Падпольнай Дзяржавы было запрошанае ў штаб НКУС у Прушкаве пад Варшавай для перамоваў з генералам Іванам Сяровым. Палякі адправіліся туды 27 і 28 сакавіка 1945 года, з гарантыяй недатыкальнасці, аднак былі арыштаваныя і змешчаны ў турму на Лубянцы ў Маскве.
Адзін з абвінавачаных Адам Бень – член Рады Міністраў Польшчы (памёр у 1998 годзе), успамінаў абставіны тых падзеяў:
-Мы пайшлі на гэтую сустрэчу ў вялікім страху і няпэўнасці. Ніхто з нас не на хвіліну не давяраў расяянам.
У выніку так званага "суда" 13 з 16 абвінавачаных атрымалі турэмныя тэрміны – ад 4 месяцаў да 10 гадоў, траіх апраўдалі. Генерал Леапольд Акуліцкі, Ян Станіслаў Янкоўскі і Станіслаў Ясюковіч памерлі або былі забітыя ў савецкіх турмах. Астатнія вярнуліся ў Польшчу, але многія з іх – у тым ліку і апраўданыя – былі зноў арыштаваныя.
Адзін з кіраўнікоў падпольнай дзяржавы, намеснік дэлегата ўрада і міністр-член Рады Міністраў Антоні Пайдак, не прызнаў сябе вінаватым падчас расследавання і быў асуджаны падчас іншага таемнага працэсу, у лістападзе 1945 года, да 5 гадоў пазбаўлення волі.
IAR/эж