Польская кампанія Biomed Lublin пачынае падрыхтоўку да вытворчасці лякарства ад Covid-19. Фабрыка ў Любліне атрымала ўжо першую партыю плазмы, здадзенай пацыентамі з каранавіруснай інфекцыяй. Донары плазмы здалі яе ў Радаме.
«Гэтая плазма вельмі каштоўная, паколькі яна дазволіць пачаць падрыхтоўку да вытворчасці лякарства», – адзначае дырэктар па пытаннях вытворчасці Biomed Lublin Артур Беляўскі.
- Плазма захоўваецца ў такіх малых герметычных мяшочках. Як бачыце, плазма мае жоўты колер. Канешне, гэта ўсё адпаведным чынам падрыхтаванае, каб не страціла сваіх уласцівасцяў. І ў такім выглядзе яе прывозяць у нашу фірму.
Неабходна ўзяць плазму ў прыкладна 200 донараў, каб пачаць вытворчасць першай партыі лякарства, – кажа член управы кампаніі Пётр Фіц.
- Нам неабходна 150 літраў. Паводле інфармацыі з канца мінулага тыдня, мы ведаем, што ў нашым распараджэнні ёсць звыш 80 літраў. Адзін донар можа здаць прыкладна палову літра плазмы. Плазму можна браць у донараў кожныя два тыдні.
Прадстаўнікі кампаніі мяркуюць, што неабходную колькасць плазмы ўдасца сабраць на працягу бліжэйшых дзён.
Першая партыя лякарства будзе выкарыстана ў клінічных даследаваннях. Працэс яе вытворчасці працягнецца каля трох месяцаў. Пасля клінічных даследаванняў пачнецца працэс рэгістрацыі лякарства і ўвядзення яго на рынак, што таксама зойме некалькі месяцаў.
ІАР ПР/нг