Польшча гатовая падтрымаць мірнае вырашэнне канфлікту ў Беларусі, заявіў у TVP Info
кіраўнік Кабінета прэзідэнта Рэспублікі Польшча Кшыштаф Шчэрскі(Krzysztof Szczerski). Паводле міністра, важна мабілізаваць міжнародную супольнасць у намаганнях з мэтай спыніць гвалт у Беларусі.
Кшыштаф Шчэрскі дадаў, што рэакцыя некаторых краін на падзеі, якія адбываюцца за ўсходняй мяжой Польшчы, расчароўвае, але польскія ўлады працягваюць намаганні па дээскалацыі канфлікту ў Беларусі.
- Прэзідэнт не паддаецца. Чарговыя размовы па гэтай справе запланаваныя на бліжэйшыя дні. У суботу згаданая тэма будзе падымацца падчас перамоваў з дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампеа. На сёння таксама запланаваныя важныя міжнародныя размовы па гэтай справе. Прэзідэнт будзе змагацца за тое, што цяпер з’яўляецца прыярытэтам па справе Беларусі, то бок за дээскалацыі канфлікту і спыненне хвалі гвалту, паколькі гэты шлях не вядзе да вырашэння праблемы.
Нагадваем, учора ў сумесным звароце прэзідэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі заклікалі беларускія ўлады ліквідаваць напружанне ў краіне, неадкладна спыніць прымяненне сілы супраць грамадзян і вызваліць затрыманых удзельнікаў акцыі пратэсту, а таксама спыніць іх далейшы пераслед і пачаць неадкладны дыялог з беларускім народам.
„Мы, прэзідэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі, як бліжэйшыя суседзі Беларусі ў рэгіёне, удзельнікі НАТА і Еўрапейскага Саюза, жадаем, каб Беларусь была стабільнай, дэмакратычнай, незалежнай і багатай краінай”, - напісалі лідары.
Менавіта таму яны заклікалі беларускія ўлады „дээскалаваць напружанасць і неадкладна спыніць прымяненне сілы супраць грамадзян”. „Мы заклікаем спыніць гвалт і паважаць асноўныя свабоды і правы чалавека і грамадзяніна, у тым ліку свабоду выказвання меркаванняў, свабоду сродкаў масавай інфармацыі, свабоду сходаў і бяспеку журналістаў”, - чытаем у звароце.
аз