Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Матэвуш Маравецкі правёў тэлефонную размову са Святланай Ціханоўскай

18.08.2020 08:47
Святлана Ціханоўская падзякавала за план салідарнасці з Беларуссю.
Аўдыё
  • Матэвуш Маравецкі правёў тэлефонную размову са Святланай Ціханоўскай
Матэвуш МаравецкіPAP/Andrzej Grygiel

Польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі правёў тэлефонную размову са Святланай Ціханоўскай на тэму цяперашняй сітуацыі ў Беларусі і неабходнасці вызвалення ўсіх палітычных вязняў і затрыманых.

Кіраўнік канцылярыі прэм’ера Міхал Дворчык у эфіры TVP INFO сказаў, што Святлана Ціханоўская падзякавала за план салідарнасці з Беларуссю:

-Гаворка пра план, які прэм’ер агучыў некалькі дзён таму. 50 млн злотых будуць прызначаныя польскім урадам на падтрымку рэпрэсаваных, выкінутых з ВНУ студэнтаў, няўрадавыя арганізацыі, якія падтрымліваюць грамадзянскую супольнасць, незалежныя СМІ. Гэта была доўгая, добрая размова. Прэм’ер вёў яе ў кантэксце еўрапейскай нарады, якая пройдзе ў сераду.

Кіраўнік канцылярыі прэм’ера сказаў, што сітуацыю ў Беларусі можна параўнаць да падзей ва Украіне, паколькі бачны велізарны грамадскі ціск, каб наступіла змена на пасадзе прэзідэнта:

-Упершыню за дзясяткі гадоў беларусы так маштабна праяўляюць сваю незадаволенасць. Кудысці знік страх, які ў грамадстве быў доўгія гады. Кудысці знікла церпялівасць, якая была, так бы мовіць, характэрным знакам беларусаў. Сёння ўсе пратэстуюць, хочуць паўтору выбараў, хочуць выбраць прэзідэнта ў дэмакратычных выбарах.

Міхал Дворчык сказаў, што з боку польскага ўраду паступае сігнал пра поўную непрымальнасць насілля ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў. Паводле яго слоў, Святлана Ціханоўска казала пра чаканні падтрымкі для пратэстуючых і новых сумленных выбараў, а таксама пакарання адказных за разгон пратэстаў.

У сераду па ініцыятыве Матэвуша Маравецкага павінен адбыцца надзвычайны саміт ЕЗ, прысвечаны сітуацыі ў Беларусі. Віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач спадзяецца, што пасля надзвычайнага саміту лідараў ЕЗ у Беларусь трапіць выразны сігнал, што краіны еўрасупольнасці не пагаджаюцца на выкарыстоўванне насілля ў дачыненні да пратэстоўцаў. Марцін Пшыдач у TVPInfo падкрэсліў неабходнасць дыялогу:

-Мы кажам пра тое, што не пагаджаемся з выкарыстоўваннем рэпрэсій, насілля, у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў. Мы лічым, што людзі маюць асноўнае права выказваць недавер да ўладаў. Мы заўсёды выказваліся за дыялог. Гэта працягнутая рука да ўладаў у Мінску. Дыялог з грамадствам заўсёды павінен быць асноваю функцыянавання кожнай дзяржавы.

Адной з тэм саміту павінна быць падтрымка для грамадзян Беларусі. Сярод прапановаў: стварэнне фонду ахвяр рэпрэсій, больш лёгкі доступ на еўрапейскі рынак працы для беларусаў, пашырэнне студэнцкага абмену з краінамі ЕЗ, праекты падтрымкі плюралізму ў СМІ і падтрымка рэформы міліцыі.

ав