Кракаў стаў першым вялікім горадам у Польшчы, які трапіў у гэтак званую жоўтую зону. У жоўтую ды чырвоную зону заносяцца тыя населеныя пункты, дзе назіраецца значны рост колькасці заражаных каранавіруснай інфекцыяй.
У Кракаве з поўначы ўведзеныя санітарныя меры, звязаныя з сацыяльнай дыстанцыяй у грамадскіх месцах. Надалей працуюць дзяржаўныя ўстановы, спартклубы ці рэстараны, але ў рознага тыпу мерапрыемствах можа прымаць удзел не больш удзельнікаў, чым адзін чалавек на чатыры квадратныя метры паверхні. Залы для гледачоў могуць быць запоўненыя максімальна на 25%, а ў культурных падзеях не можа ўдзельнічаць больш чым 100 чалавек.
Маніка Хыляшэк (Monika Chylaszek) з гарадской ратушы Кракава адзначае, што ўвядзенне эпідэміялагічных мераў не будзе звязана са значнымі цяжкасцямі ў жыцці гораду.
- Гарадскі транспарт, як мы ведаем, гэта самая вялікая праблема. Ён будзе працаваць нармальна, як дагэтуль. Не будзе зменаў у працы дзяржаўных устаноў. У сваю чаргу, гэтыя меры ўскладняць дзейнасць культурных устаноў, спартклубаў, усіх тых, хто ладзіць нейкія мерапрыемствы.
Гарадскія ўлады заклікаюць жыхароў прытрымлівацца мераў эпідэміялагічнай бяспекі і захоўваць сацыяльную дыстанцыю. З панядзелку ў Кракаве будзе праводзіцца дэзынфекцыя тратуараў, прыпынкаў, лавак, дзіцячых пляцовак ды іншых месцаў агульнага выкарыстання.
ПР/нг