Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

МЗС Польшчы: Павел Латушка прыехаў у Польшчу легальна

03.09.2020 07:30
Паводле ведамства, любыя інсінуацыі адносна нібыта незаконнай дзейнасці польскай дыпламатыі па гэтай справе незразумелыя і бессэнсоўныя.
Павел Латушкафота: Уладзімір Пац/Польскае радыё

Павел Латушка ўехаў у Польшчу легальна на запрашэнне арганізатараў Эканамічнага форуму ў Крыніцы, - падкрэслівае ў прэс-рэлізе Міністэрства замежных спраў Польшчы. Такім чынам МЗС абвергла паведамленні афіцыйных беларускіх СМІ пра тое, што пасольства Польшчы ў Мінску арганізавала нелегальную перавозку былога беларускага дыпламата праз мяжу.

Член прэзідыума Каардынацыйнага савета Павел Латушка заявіў у сераду, што не эміграваў са сваёй краіны, а прыехаў у Польшчу для ўдзелу ў Эканамічным форуме ў Крыніцы.

„У сувязі з інфармацыяй некаторых афіцыйных беларускіх СМІ аб меркаваных незаконных дзеяннях пасольства Польшчы ў Мінску па перавозцы спадара Паўла Латушкі праз беларуска-польскую мяжу, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча паведамляе, што такія дзеянні не адбыліся”, - гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Польшчы.

„ Любыя інсінуацыі адносна нібыта незаконнай дзейнасці польскай дыпламатычнай місіі ў гэтым плане незразумелыя і бессэнсоўныя”, - падкрэсліла Міністэрства замежных спраў.

Павел Латушка ў сераду паведаміў, што ў яго запланавана некалькі сустрэч у Польшчы, у тым ліку з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў, урада і беларускай дыяспары. Ён таксама паведаміў, што з Польшчы накіруецца ў Літву, а потым вернецца ў Беларусь.

Прадстаўнік Каардынацыйнага савета Беларусі Павел Латушка – гэта былы дыпламат, у тым ліку ў Польшчы і міністр культуры, звольнены з пасады дырэктара Тэатра ім. Янкі Купалы ў Мінску.

Латушка з'яўляецца членам прэзідыума Каардынацыйнага савета, створанага па ініцыятыве экс-кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах Святланы Ціханоўскай.

PAP/аз