Анджэй Дуда ініцыяваў папраўкі да Закона аб планаванні сям'і, якія дазволяць аборты з прычыны сурʼёзнага і незваротнага пашкоджання плоду, і які вядзе да смерці дзіцяці, але ў той жа час абароняць дзяцей з сіндромам Дауна. Пра гэта кіраўнік польскай дзяржавы абвясціў у спецыяльным звароце на старонцы Канцылярыі прэзідэнта ў сацыяльнай сетцы Twitter.
На думку Анджэя Дуды, падобнае рашэнне ўпісваецца ў «сутнасць так званага кампрамісу па абортах 1993 года і адпавядае пастановам Канстытуцыйнага суда».
Прэзідэнт Польшчы дадаў, што разлічвае на шырокі палітычны кансэнсус па гэтым пытанні, паказаўшы на «падтрымку такога прававога рашэння прадстаўнікамі розных палітычных партый – як правых, так і апазіцыі».
Нагадаем, 22 кастрычніка Канстытуцыйны суд прыняў пастановы аб тым, што аборт у выпадку высокай імавернасці цяжкіх і незваротных парушэнняў плоду або невылечных захворванняў, якія пагражаюць жыццю, супярэчыць канстытуцыі Польшчы. Пасля гэтага ў Польшчы распачаліся масавыя пратэсты жанчын, якія працягваюцца дагэтуль.
PAP/IAR/эж