З сённяшняга дня польскія ўлады адмяняюць частку санітарна-эпідэмічных абмежаванняў. Такім чынам на свежым паветры, пры захаванні дыстанцыі ў 1,5 метра, не трэба будзе ўжо насіць маскі. Дзейнасць аднаўляюць таксама бары і рэстараны пад адкрытым небам, але адлегласць паміж сталамі павінна складаць 1,5 метра, а заняты можа быць толькі кожны другі стол.
Падчас прэс-канферэнцыі ў канцы красавіка міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі(Adam Niedzielski) абвясціў аб адмене абавязку насіць маскі на свежым паветры, але ў гэтага правіла ёсць выключэнне:
- У любым выпадку, калі не магчыма захаваць дыстанцыю 1,5 метра, маскі трэба насіць, паколькі гэта асноўная мера бяспекі.
У сваю чаргу ў закрытых памяшканнях, у тым ліку ў сродках транспарту, абавязак закрываць нос і рот маскай застанецца.
З сённяшняга дня пад адкрытым небам змогуць працаваць таксама ўстановы культуры, якія былі зачыненыя да гэтай пары. Акрамя таго, да 150 чалавек павялічваецца колькасць магчымых удзельнікаў спартыўных мерапрыемстваў і мерапрыемстваў, якія адбываюцца па-за спартыўнымі аб'ектамі.
З панядзелка дзеці 4-8 класаў базавых школ і вучні сярэдніх школ пачынаюць гібрыднае навучанне.
Змены датычаць таксама грамадскага транспарту. З сённяшняга дня ў транспартных сродках могуць быць занятыя 100% сядзячых месцаў.
аз