Беларуская Служба

Прэм’ер Маравецкі: Польшча будзе адказваць за эвакуацыю трохсот грамадзян Афганістана

20.08.2021 14:31
Кіраўнік польскага ўрада паразмаўляў па гэтай справе з генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам.
 -  .
Прэм'ер -міністр Матэвуш Маравецкі.PAP/Tytus Żmijewski

«Польшча будзе адказваць за эвакуацыю і бяспечны транспарт трохсот грамадзян Афганістана, якія супрацоўнічалі з Паўночнаатлантычным альянсам у апошнія гады», – паведаміў прэм'ер -міністр Матэвуш Маравецкі на сваім профілі ў Facebook.

Кіраўнік польскага ўрада размаўляў па гэтай справе з генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам. Гэтыя людзі, як напісаў прэмʼер, спачатку будуць дастаўлены ў Польшчу, а потым у іншыя краіны НАТА.
«Мы вельмі сурʼёзна ставімся да сваіх хаўрусніцкіх абавязацельстваў, і гэта не апошняе слова з пункту гледжання ўдзелу ў аперацыях альянсу, звязаных з афганскім крызісам», – напісаў Матэвуш Маравецкі.

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач паведаміў учора, што, паводле інфармацыі міністэрства, у Афганістане больш палякаў няма. Учора ў краіну былі дастаўлены два апошнія грамадзяне Польшчы.

IAR/аз