Сёлета ў польскіх Татрах быў пабіты рэкорд. Паводле падлікаў Нацыянальнага татранскага парку, падчас вакацыяў каля двух мільёнаў турыстаў шпацыравала па сцежках самых высокіх гор у Польшчы. Такіх натоўпаў на горных шляхах у Татрах яшчэ не было.
Дырэктар Нацыянальнага татранскага парку Шыман Зяброўскі(Szymon Ziobrowski) паведаміў Польскаму радыё, што ў ліпені на горныя сцежкі выйшлі больш за 900 тысяч турыстаў. Ён дадаў, што ў жніўні квіткі ў парк набылі прынамсі 830 тысяч чалавек. Паводле яго, такая вялікая колькасць турыстаў – гэта вынік пандэміі каранавіруса і цяжкасцяў пры паездках у славацкую частку Татраў:
- Нам здаецца, што частка турыстаў, якія нармальна паехалі б у славацкія Татры, сёлета прыехалі або ўвайшлі ў Нацыянальны татранскі парк з польскага боку.
Варта нагадаць, што згаданыя дадзеныя пакуль не бяруць пад увагу ўездаў па канатнай дарозе на Каспровы Верх ці ўваходаў у Хахалоўскую даліну ў жніўні.
Традыцыйна найбольш папулярным сярод турыстаў быў маршрут да Морскага вока. Толькі ў ліпені квіткі ў касе на гэты шлях купілі больш за 200 тысяч чалавек. Напрыклад, 3-га жніўня на дарогу ў Морскае вока выйшлі больш за 15 тысяч чалавек.
IAR/аз