Беларуская Служба

Падчас візіту ў ЗША прэзідэнт А. Дуда закране пытанне сітуацыі на польска-беларускай мяжы

17.09.2021 10:46
Падчас візіту ў ЗША Анджэй Дуда прыме ўдзел у двух сустрэчах з дзелавымі коламі, а таксама правядзе спатканні з польскай дыяспарай.
Prezydent Andrzej Duda
Prezydent Andrzej DudaAndrzej Hulimka/FORUM

Міжнародная бяспека, барацьба з пандэміяй і яе наступствамі, а таксама кліматычныя змены – гэта асноўныя тэмы візіту прэзідэнта Анджэя Дуды на сесію Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку на наступным тыдні. У праграме візіту ў ЗША таксама шэраг сустрэч з польскай дыяспарай.

Галоўным пунктам візіту прэзідэнта Польшчы ў Нью-Ёрк стане яго выступленне на форуме Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, падчас якога Анджэй Дуда выступіць, між іншым, аб неабходнасці выканання міжнароднага права і закране пытанне ўсходняй мяжы НАТА і Еўрапейскага Саюза, аб чым паведаміў пастаянны прадстаўнік Польшчы пры ААН Кшыштаф Шчэрскі. З-за каранавірусных абмежаванняў прэзідэнт Джо Байдэн застанецца ў ААН адносна нядоўгі час. «Праграма прэзідэнта Байдэна будзе вельмі абмежаванай, і мы не спадзяемся перамоваў паміж прэзідэнтамі Польшчы і ЗША», – сказаў Кшыштаф Шчэрскі.

Падчас візіту ў ЗША Анджэй Дуда прыме ўдзел у двух сустрэчах з дзелавымі коламі, а таксама правядзе спатканні з польскай дыяспарай. Прэзідэнцкая пара таксама аддасць даніну памяці ахвярам тэрактаў 11 верасня і ўдзельнікам выратавальнай акцыі. Прэзідэнт Анджэй Дуда і першая лэдзі будуць знаходзіцца ў Нью-Ёрку з панядзелка па пятніцу.

IAR PR/нг