Беларуская Служба

У Польшчу вярнуліся пасажыры самалёта, які ўчора здзейсніў аварыйную пасадку ў Адыс-Абебе

19.09.2021 15:28
Самалёт авіякампаніі Enter Air, які ляцеў з Мамбасы ў Варшаву, здзейсніў аварыйную пасадку ў аэрапорце ў Адыс-Абебе з-за праблем з рухавіком.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: RyanMcGuire/pixabay.com/CC0 Public Domain

Раніцай у варшаўскім аэрапорце прызямліўся самалёт, які прывёз з Эфіопіі пасажыраў машыны, якая ўчора здзейсніла аварыйную пасадку ў Адыс-Абебе. Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Лукаш Ясіна (Łukasz Jasina ) паведаміў, што ўсе пасажыры знаходзяцца ў добрым фізічным і псіхічным стане:

- Самалёт з польскімі пасажырамі прызямліўся ў варшаўскім аэрапорце пасля 9.00 гадзіны раніцы. Ім прыляцелі амаль усе пасажыры (чатыры асобы раней паляцелі праз Франкфурт). У Эфіопіі застаўся экіпаж самалёта, які чакае на рамонт машыны. Члены экіпажа застаюцца пад апекай польскага дыпламатычнага консульства ў Адыс-Абебе.

Нагадваем, учора, самалёт авіякампаніі Enter Air, які ляцеў з Мамбасы ў Варшаву, здзейсніў аварыйную пасадку ў аэрапорце ў Адыс-Абебе з-за праблем з рухавіком. Пасажырамі апекавалася консульства Польшчы ў Эфіопіі, а авіякампанія накіравала ў Адыс-Абебу другі самалёт узамен.

IAR/аз