Беларуская Служба

Кіраўнік МУС Польшчы пра сітуацыю на мяжы: Магчымы доўгі крызіс з-за палітыкі рэжыму Лукашэнкі

20.09.2021 13:20
М. Каміньскі паведаміў, што на мяжу было адпраўлена яшчэ 500 вайскоўцаў, а падраздзяленне пагранічнай службы Падляшша атрымае ў сераду восем сучасных аўтамабіляў.
Міністр Марыюш Каміньскіфота: PAP/Wojciech Olkuśnik

Сайт Niezalezna.pl прыводзіць словы міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі пра сітуацыю на польска-беларускай мяжы: «Мы маем справу з арганізаванай, масавай акцыяй, накіраванай на дэстабілізацыю сітуацыі». Марыюш Каміньскі нагадаў на прэс-канферэнцыі, што Беларусь увяла бязвізавы рэжым, у тым ліку з Пакістанам, Іярданіяй і афрыканскімі краінамі – Егіптам і ПАР. Гэта вялізныя рэзервуары людзей, якія шукаюць лепшага жыцця ў свеце. Гэта можа азначаць, што да нашай усходняй мяжы прывязуць дзясяткі, сотні тысяч людзей. Акрамя таго, улады Беларусі прынялі рашэнне, што аэрапорт Гродна павінен мець статус міжнароднага лётнішча, – сказаў Камінскі.

«Гэта сведчыць аб тым, што праціўнік, паколькі ў такіх катэгорыях мы павінны разглядаць сітуацыю, ужо прыняў рашэнне, што крызіс павінен доўжыцца месяцамі і мець сур’ёзныя наступствы». Каміньскі дадаў, што ціск на польскую мяжу працягваецца, рух мігрантаў стрымліваюць салдаты, паліцыянты і супрацоўнікі пагранічнай службы. «Фактычна структуры беларускай дзяржавы, адказныя за бяспеку міжнародных межаў, удзельнічаюць у практыцы міжнароднага гандлю людзьмі. Гэтыя людзі плацяць вялікія грошы, каб уехаць у Еўрапейскі Саюз», – сказаў кіраўнік МУСіА.

«Мы будзем эфектыўна абараняць свае межы. Магчыма, аднак, мы будзем мець справу з доўгім крызісам па палітычных і цынічных прычынах, прынятых рэжымам Лукашэнкі», – падкрэсліў ён. Міністр паведаміў, што на мяжу было адпраўлена яшчэ 500 вайскоўцаў, а падраздзяленне пагранічнай службы Падляшша атрымае ў сераду восем сучасных аўтамабіляў.

нг