-Украінскія лекары, якія атрымалі адукацыю ў галіне транспланталогіі ў Сілезскім цэнтры сардэчных захворванняў у польскім Забжы, разам з польскімі калегамі паспяхова правялі першую ва Украіне трансплантацыю лёгкіх, – паінфармаваў дырэктар цэнтра, прафесар Мар'ян Зэмбала.
У 57-гадовага пацыента лёгкія былі незваротна пашкоджаныя. Мужчына не выходзіў з хаты некалькі гадоў, ён жыў дзякуючы пастаяннай кіслароднай тэрапіі. Апошнім часам яго стан рэзка пагоршыўся. Перасадка стала для яго адзіным выратаваннем.
21 верасня ў акадэмічнай бальніцы ў Львове ўрачы з Украіны і Забжа паспяхова правялі трансплантацыю абодвух лёгкіх. У нядзелю ён прайшоўся па бальнічным калідоры, самастойна дыхаючы, цяпер праходзіць інтэнсіўную рэабілітацыю.
-Гэта ўнёсак Польшчы і Забжа ў развіццё польска-ўкраінскага прымірэння і дапамогу людзям, якія маюць у гэтым патрэбу. Я вельмі шчаслівы і ганаруся сваёй камандай – вядучай у краіне і адным з лідараў у Еўропе па колькасці і якасці трансплантацый сэрца і лёгкіх дарослым і дзецям, – сказаў прафесар Марʼян Зэмбала, які сам зʼяўляецца адным з самых выдатных польскіх трансплантолагаў.
У Сілезскім цэнтры сардэчных захворванняў у Забжы адукацыю атрымалі 35 украінскіх лекараў – кардыёлагаў і кардыяхірургаў.
ав