Старшыня Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП) у Еўрапарламенце Манфрэд Вэбер заявіў, што падтрымлівае заклік 12 краін-сябраў прафінансаваць будову муру на польска-беларускай мяжы.
Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен на мінулым тыдні на сваёй прэс-канферэнцыі пасля саміту абвясціла, што грошы ЕС не будуць выкарыстоўвацца на будаўніцтва «калючага дроту і муроў». Аднак, як адзначае Politico, не ўсе згодныя.
«ЕНП у Еўрапарламенце вельмі цяжка зразумець, чаму ЕС не можа фінансаваць фізічную агароджу на мяжы з Беларуссю», – сказаў Вебер у інтэрв'ю Politico. «Ідзе гібрыдная вайна, мы не павінны быць наіўнымі. Справа ў тым, каб абараніць і пераканацца, што мы вырашаем, каму дазваляць уезд у Еўропу, а не дыктатару Лукашэнку», – дадаў ён.
Вэбер сказаў, што такія краіны, як Літва, Латвія і Польшча, заслугоўваюць «нашай поўнай падтрымкі, уключаючы мабілізацыю сродкаў для пабудовы фізічнай мяжы».
На пачатку кастрычніка група з 12 краін ЕС заклікала Брусэль хутка распрацаваць канкрэтныя рашэнні і рашучы адказ для барацьбы з інструменталізацыяй незаконнай міграцыі і іншымі гібрыднымі пагрозамі. У гэтым кантэксце прагучаў заклік да рэформы Шэнгенскага кодэкса аб межах, які рэгулюе агульныя правілы перамяшчэння ў ЕС. Ліст падпісалі: Аўстрыя, Балгарыя, Кіпр, Чэхія, Данія, Эстонія, Грэцыя, Венгрыя, Літва, Латвія, Польшча і Славакія.
ав