Беларуская Служба

МЗС Польшчы: Лукашэнка тэстуе рэакцыю Польшчы і НАТА на правакацыі

04.11.2021 08:32
Паводле польскага боку, рашэнне аб пашырэнні правакацый было прынятае на вышэйшым узроўні беларускай улады.
      .
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Пётр Ваўжык.Piotr Wawrzyk/fot.PR24/MS

Уварванне на тэрыторыю Польшчу групы невядомых узброеных асоб з Беларусі магло прайсці з мэтай праверкі рэакцыі польскіх уладаў і хаўруснікаў па НАТА, лічыць намеснік міністра замежных спраў Польшчы Пётр Ваўжык(Piotr Wawrzyk).

Паводле яго, інцыдэнт, які адбыўся ў ноч з 1 на 2 лістапада, адпавядае палітыцы правакацый з боку рэжыму ў Мінску, а рашэнне аб узмацненні правакацый было прынятае на вышэйшым узроўні беларускай улады:

-Гаворачы наўпрост, дайшло да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці не толькі Польшчы і Еўрасаюза, але таксама НАТА. Рашэнне па справе такога дзеяння, якое магло выклікаць сур’ёзную рэакцыю з боку Польшчы, хутчэй за ўсё, было прынятае на самым высокім палітычным узроўні ўлады ў Беларусі.

У аўторак увечары польскія жаўнеры, якія патрулявалі ўсходнюю мяжу, заўважылі трох мужчын у форме з вінтоўкамі. Калі палякі спрабавалі выйсці з імі на кантакт, згаданыя асобы перазарадзілі зброю і адступілі ў бок Беларусі.

Па гэтай справе ў Міністэрства замежных спраў Польшчы быў выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі Аляксандр Часноўскі. Польскі бок выказаў рашучы пратэст супраць парушэння польскай дзяржаўнай мяжы.

аз