Беларуская Служба

Вернікі Праваслаўнай царквы наведваюць могілкі

06.11.2021 11:04
6 лістапада ў праваслаўных храмах у Польшчы адпраўляецца літургія ды малебны за памерлых.
Ілюстрацыйны здымакEPA/Peter Komka HUNGARY OUT Dostawca: PAP/EPA

Гэта так званая бацькоўская субота - традыцыйны праваслаўны час памінання тых, хто пайшоў з жыцця.

Духавенства падкрэслівае, што царкоўнаславянскі тэрмін бацькоўская субота азначае малітву не толькі за бацькоў, а за ўсіх памерлых продкаў. Гэты дзень вернікі называюць яшчэ Дзімітрыевай суботай, бо адзначаецца ў апошняю субота перад днём святога Дзмітрыя, які святкуецца ў праваслаўнай царкве 8 лістапада.

Сёлета памінанне прыпала на 6 лістапада, але, напрыклад, два гады таму гэта было 2 лістапада, то бок у каталікоў Дзень памерлых, а сем гадоў таму Дзімітрыева субота прыпала на 1 лістапада, гэта значыць на каталіцкі Дзень Усіх Святых.

Першапачаткова гэтая субота была днём малітвы за загінуўшых воінаў, з часам гэтая традыцыя прыжылася і сёння маляцца за ўсіх памерлых.
У гэты час у храмах ладзяцца малітвы за памерлых (паніхіды), а падчас літургіі чытаюцца фрагменты Святога Пісання, якія датычаць смерці і будучага жыцця.

У гэты дзень па традыцыі праваслаўнае духавенства асвячае магілы на могілках. Святары падкрэсліваюць, што ў праваслаўнай традыцыі асновай з'яўляецца малітва за памерлага ў храме падчас літургіі, а не кветкі ды свечкі на могілках.

Урачыстасць Усіх Святых, якая прыпадае ў Каталіцкім Касцёле на 1 лістапада, адзначаецца ў Праваслаўі ў першую нядзелю пасля Спасылання Духа Святога (так званая Пяцідзясятніца). Гэта рухомае свята, у залежнасці ад даты Вялікадня. Сёлета было 27 чэрвеня.

Самым важным часам для памінання памерлых у Праваслаўнай царкве лічыцца перыяд Пасхі, пасля Вялікадня. Як тлумачыць духавенства, тады хрысціяне спяшаюцца на магілы памерлых, каб падзяліцца з імі радаснай навіной, што Хрыстос уваскрэс. У гэты перыяд галоўным малітоўным днём у першую чаргу з’яўляецца Радаўніца, якая выпадае на другі аўторак пасля Уваскрашэння Гасподняга.

Прадстаўнікі Польскай Праваслаўнай Царквы ацэньваюць колькасць вернікаў у краіне на 450-500 тысяч чалавек. Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення (GUS), якія іерархі лічаць ненадзейнымі, падчас апошняга перапісу насельніцтва прыналежнасць да праваслаўнай царквы ў Польшчы пацвердзілі 156 тысяч чалавек.

юл