Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў правёў тэлефонную гутарку з кіраўніком брытанскай дыпламатыі Элізабетай «Ліз» Трас (Elizabeth Mary «Liz» Truss). Як паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў, размова адбылася ўчора і тычылася сітуацыі на польска-беларускай мяжы і на ўсходнім флангу НАТА. Міністр Раў падзякаваў сваёй візаві за падтрымку Польшчы. Размова таксама ішла аб падтрымцы Украіны і супрацьдзеянні запуску газаправоду «Паўночны паток-2».
У сваю чаргу намеснік міністра замежных справаў Марцін Пшыдач заявіў, што польская дыпламатыя выпрацавала поўную салідарнасць паміж саюзнікамі адносна крызісу на мяжы. Госць радыёстанцыі Польскае радыё 24 такім чынам адрэагаваў на закіды апазіцыі, якая абвінаваціла ўладу ў халатнасці па гэтай справе.
Намеснік міністра сказаў, што і Еўрасаюз і НАТА падтрымліваюць дзеянні Польшчы ў сувязі з крызісам на мяжы.
IAR PR/нг