У закон «Аб дарожным руху» ўнесены папраўкі. Закон вярнуўся на дапрацоўку з Сената ў Сейм. Папраўкі прадугледжваюць больш строгія пакаранні для кіроўцаў, якія парушаюць закон, асабліва тых, якія перавышаюць хуткасць і кіруюць аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення.
Сярод іншага, Сенат прыняў папраўкі ад кола незалежных сенатараў. Яго чалец Кшыштаф Квяткоўскі адзначыў, што гэтыя змены карысныя для пацярпелых у аварыях:
-Зніжаецца аплата за падачу заявы аб кампенсацыі пацярпелым у ДТЗ да фіксаванай платы ў памеры 1000 злотых (каля 215 еўра). Іншая папраўка Сената тычыцца адмены падаткаабкладання адсоткаў, належных за перыяд чакання кампенсацыі ў выніку няшчаснага выпадку.
Папраўкі да закона «Аб дарожным руху» прадугледжваюць, у прыватнасці, павелічэнне максімальнага судовага штрафу за парушэнне правілаў дарожнага руху з 5 000 да 30 000 злотых (каля 6400 еўра).
iar/эж