«Гэта важны дзень еўрапейскай салідарнасці», — заявіў міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў пасля падпісання пагаднення аб пастаўках вакцын супраць COVID-19 з краін ЕС у краіны Усходняга партнёрства.
Каардынатарам гэтай праграмы будзе Польшча.
На гэтыя мэты Еўрапейская камісія вылучыла 35 мільёнаў еўра.
Кіраўнік польскай дыпламатыі падкрэсліў, што краіны за ўсходняй мяжой з'яўляюцца аднымі з прыярытэтаў супрацоўніцтва Польшчы ў развіцці і штогод рэалізуецца шмат праектаў.
«Цяперашняя ініцыятыва, каардынаваная Польшчай, накіраваная на свабодны, справядлівы і ўстойлівы доступ да вакцынацыі супраць COVID-19 у краінах Усходняга партнёрства, з'яўляецца яшчэ адным прыкладам салідарнасці з гэтым рэгіёнам. Дамова на пастаўку вакцын заключана на 2 гады. Краіны за ўсходняй мяжой будуць атрымліваць вакцыну супраць COVID-19 бясплатна, а пазней Брусель разлічыцца з краінамі ЕС. Польшча павінна сабраць попыт і данесці да еўрапейскіх сталіц чаканні краін Усходняга партнёрства», – распавёў міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў.
Размова ідзе пра Украіну, Грузію, Малдову, Арменію, Азербайджан і Беларусь.