Беларуская Служба

У Гдыні ўшанавалі ахвяр «Крывавага снежня 1970-га»

17.12.2021 10:25
У выніку рэпрэсій у снежні 1970 года быў забіты 41 чалавек – больш за ўсё ў Гдыні і Шчэціне. 
    1970 ,
Памятнік ахвярам рэпрэсій снежня 1970 года, Гдыня Крыніца: PAP/Adam Warżawa

На жалобных урачыстасцях Гдыні Прэзідэнт Анджэй Дуда адзначыў, што 51 год таму палякі спазналі тэрор і пераслед. У снежні 1970 года ў Гдыні была расстраляная дэманстрацыя рабочых.

Работнікі суднаверфі пратэставалі супраць камуністычнай улады, у абароне правоў і годнасці супрацоўнікаў, а таксама патрабавалі справядлівасці і павагі да грамадзян. Як напісаў прэзідэнт, адказам уладаў стала «баязлівая агрэсія», вывад на вуліцу вайскоўцаў і стрэлы ў «безабаронных людзей»

Прэзідэнт дадаў, што смерць ахвяр «Снежня 1970 года» была злачынствам, якое нішто не можа апраўдаць, і вінаватыя ніколі не былі асуджаны. Ліст прэзідэнта зачытаў кіраўнік яго кабінета Павел Шрот:

-Мы памятаем імёны тых, хто тады стаў ахвярай злачыннага рэжыму. Мы памятаем мужнасць тых, хто выступіў супраць камуністычнай улады. Мы памятаем усіх, хто ў выніку падзей снежня 1970 года падвяргаўся рэпрэсіям: быў заключаны ў турму, падвергнуты катаванням, пазбаўлены працы. Мы таксама памятаем, хто быў вінаваты ў смерці, пакутах і цярпенні ахвяр ды іх сем'яў.

Анджэй Дуда дадаў, што тыя падзеі адыгралі асаблівую ролю ў барацьбе з камунізмам. «Верагодна, не было б жніўня 1980 года або вялікага руху »Салідарнасць«, калі б не тая смеласць і рашучасць, якія паказалі, што камуністычнай уладзе можна супрацьстаяць», – дадаў палітык.

У выніку рэпрэсій у снежні 1970 года быў забіты 41 чалавек – больш за ўсё ў Гдыні і Шчэціне. Затрыманыя больш за 3 тысячы чалавек. У выніку сутыкненняў загінулі таксама некалькі супрацоўнікаў міліцыі і вайскоўцаў. Пратэсты ўспыхнулі ў многіх месцах на ўзбярэжжы пасля павышэння цэнаў на прадукты харчавання. Каб здушыць пратэсты, улады дазволілі міліцыі і вайскоўцам выкарыстоўваць зброю.

iar/эж