Журналісты Польскага радыё адправяцца ў калядны вечар на ўсходнюю мяжу, правядуць яго разам з салдатамі і памежнікамі, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу Польшчы.
Дырэктар Першай праграмы Польскага радыё Марцін Кусы паведаміў, што падчас адмысловай акцыі #MuremZaPolskimMundurem радыё будзе трансляваць інтэрв'ю з салдатамі Войска Польскага, супрацоўнікамі памежнай аховы і паліцыі ды іх сем’ямі, а таксама калядныя віншаванні і калядныя песні.
- Я запрашаю слухачоў слухаць нашы перадачы. Калі жыхары краіны будуць рыхтаваць калядную вячэру, мы будзем у часовым лагеры каля Гайнаўкі, дзе размешчаны польскія службы, якія ахоўваюць мяжу. Гэта будзе выключная, святочная сустрэча. Слухачы пачуюць менш ваеннай тэрміналогіі, а больш пра штодзённае жыццё ахоўнікаў мяжы, мы таксама звяжамся з іх семʼямі.
Святочная акцыя Польскага радыё #MuremZaPolskimMundurem (Сцяной за польскім мундзірам) будзе праводзіцца 24 снежня ў эфіры Трэцяй і Першай праграмы Польскага радыё, а таксама на партале polskieradio24.pl і ў сацыяльных сетках.
IAR PR/нг