Расія прыпыніла пастаўкі газу ў Польшчу па газаправодзе «Ямал – Еўропа», паведаміў партал onet.pl са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе краіны і польскай нафтагазавай кампаніі PGNiG.
У Міністэрстве клімату сабралася крызісная група. Пакуль невядома, ці Расія такім чынам прывяла ў выкананне ўльтыматум, якім нядаўна пагражаў Уладзімір Пуцін.
Нагадваем, у канцы сакавіка прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін паведаміў, што падпісаў указ, паводле якога, гэтак званыя варожыя краіны павінны плаціць за расійскі газ толькі ў рублях.
Большасць краін Еўрасаюза, у тым ліку Польшча і Германія, не пагадзіліся на гэты дыктат. Неафіцыйна вядома, што ў мінулую пятніцу скончыўся тэрмін разлікаў за газ у расійскай валюце.
аз