Беларуская Служба

Польшча дэнансуе кантракт з Газпромам на пастаўкі расійскага газу

23.05.2022 11:02
На працягу многіх гадоў урад паслядоўна рэалізуе стратэгію дыверсіфікацыі крыніц і кірункаў паставак газу ў Польшчу.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo:Magnascan/pixabay.com/CC0 Public Domain

13 мая бягучага года ўрад Польшчы прыняў пастанову аб спыненні пагаднення з Расіяй аб будаўніцтве сістэм газаправодаў для транзіту газу праз тэрыторыю Польшчы і паставак расійскага газу, паведаміла міністр клімату і навакольнага асяроддзя Анна Москва.

Рэзалюцыя тычыцца спынення дзеяння пагаднення аб будаўніцтве сістэмы газаправодаў для транзіту расійскага газу праз тэрыторыю Рэспублікі Польшча і пастаўкі расійскага газу ў Польшчу, якое было падпісана ў Варшаве 25 жніўня 1993 года. Пагадненне неаднаразова пераглядалася, апошні пратакол аб унясенні змяненняў быў падпісаны паміж прадстаўнікамі Польшчы і Расіі 29 кастрычніка 2010 г.

Міністр Москва заявіла: «На працягу многіх гадоў урад паслядоўна рэалізуе стратэгію дыверсіфікацыі крыніц і кірункаў паставак газу ў Польшчу, і мы рыхтаваліся закрыць кантракт з Газпромам да канца 2022 года і не купляць больш газу ў Расіі. У 2019 годзе PGNiG разарвала кантракт на пастаўкі газу з Расіі, так званы Ямальскі кантракт. Слушнасць імкнення польскага ўрада стаць цалкам незалежнай ад расійскага газу была пацверджана агрэсіяй Расіі супраць Украіны. Мы заўсёды ведалі, што Расія не з'яўляецца надзейным партнёрам», – сказала Москва.

Яна дадала, што Ямальскі газаправод працуе ў поўнай адпаведнасці з еўрапейскім заканадаўствам, без збояў. Дзякуючы гэтаму захоўваецца т.зв фізічны рэверс, гэта значыць магчымасць паставак газу ў Польшчу з Германіі.

Анна Москва заявіла, што прыняцце ўрадам пастановы таксама было натуральным крокам пасля таго, як расіяне вырашылі перакрыць пастаўкі газу ў Польшчу. «Калі Расія, адключыўшы нас ад паставак, дэ-факта парушыла палажэнні пагаднення, польскі ўрад вырашыў, што ў сувязі з парушэннем яго істотных умоў ён спыніў дзеянне», – падкрэсліла міністр.

Як паведаміла Польская нафтагазавая кампанія (PGNiG) 26 красавіка, Газпром абвясціў, што з 27 красавіка спыняюцца пастаўкі газу ў Польшчу, паколькі кампанія адмовілася плаціць Газпрому за газ у рублях. Дзеянні Газпрома сталі вынікам указу прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў канцы сакавіка гэтага года, які прадугледжваў, што з пачатку красавіка замежныя пакупнікі з «варожых краін» будуць плаціць за пастаўкі расійскага прыроднага газу ў рублях.

IAR PR/нг