Беларуская Служба

Расійскі шпіён унесены ў санкцыйныя спісы Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы

13.01.2023 14:28
Расіянін ужо шмат гадоў жыве ў Польшчы. Затрымалі яго ў красавіку.
Польскае МУСіАфота: gov.pl

Расіянін, падазраваны ў шпіянажы, унесены ў санкцыйны спіс МУС. Па просьбе Службы ваеннай контрразведкі (СВК) замарожаны яго бізнес. Расіянін ужо шмат гадоў жыве ў Польшчы. Затрымалі яго ў красавіку, – паведаміў намеснік міністра-каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын, аб чым піша Niezalezna.pl.

52-гадовы Ігар П. у Польшчы і Расіі вёў бізнес у сферы міжнароднай экспедыцыі па накірунках Еўрасаюз – РФ – Еўрасаюз. Акрамя яго, у санкцыйны спіс трапілі чатыры кампаніі, саўладальнікам або ўладальнікам якіх ён з'яўляецца. Гэта ARENA SP. z o.o., VAN BERG SP. з о.о. і BALTIC SPORT TRADE Sp. з о.о. з юрыдычным адрасам у Гдыні і OOO ATM з юрыдычным адрасам у Калінінградзе.

Намеснік міністра-каардынатара службаў паведаміў, што грамадзянін Расійскай Федэрацыі, унесены ў спіс, быў затрыманы ў красавіку мінулага года ваеннай паліцыяй у сувязі з інфармацыяй, сабранай СВК.

- Доказы, сабраныя СВК, а потым і Ваеннай паліцыяй, паказваюць, што мужчына ўдзельнічае ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Расійскай Федэрацыі. Ён знаходзіцца пад вартай у чаканні заканчэння следства, а потым – я спадзяюся – хуткага суду, – сказаў Жарын.

Ён дадаў, што падазраваны дзейнічаў з мэтай збору інфармацыі аб боегатоўнасці Узброеных сіл, а таксама войскаў НАТА ў Польшчы.

Гэта інфармацыя не толькі крытычная для нашай краіны, але таксама адчувальная і важная на дадзены момант для ўсяго НАТА, – адзначыў прадстаўнік спецслужбаў.

Унясенне ў санкцыйны спіс і замарожванне актываў расіяніна, як ён растлумачыў, былі зробленыя для таго, каб яго эканамічная і фінансавая дзейнасць ніякім чынам не спрыяла папаўненню расійскага бюджэту і не фінансавала вайны.

Кіраўнік Службы вайсковай контрразведкі ў абгрунтаванні заявы аб унясенні ў спіс напісаў, што Ігар П. знаходзіцца ў Польшчы з 2003 года. У 2009 годзе атрымаў статус доўгатэрміновага рэзідэнта Еўрасаюза на падставе віду на жыхарства. Па словах кіраўніка контрразведкі, створаны расіянінам імідж міжнароднага бізнесмена і яго хобі, арыентаванае на ўдзел у рэканструкцыі гісторыі, дазволілі яму заваяваць аўтарытэт на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, ЕС і Шэнгенскай зоны.

У абгрунтаванні таксама гаворыцца, што падазраваны ўдзельнічаў у гандлі тэхналогіямі і паслугамі, якія маюць стратэгічнае значэнне для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі, а таксама пастаўляў фізічным асобам з Расійскай Федэрацыі тавары двайнога прызначэння, гэта значыць тавары, якія могуць быць выкарыстаны як у грамадзянскіх, так і ў ваенных мэтах.

нг