Беларуская Служба

Польшча падтрымлівае стварэнне Спецыяльнага трыбунала па злачынствах агрэсіі супраць Украіны

05.03.2023 08:15
У МЗС заяўляюць, што, напаўшы на Украіну, Расія парушыла Статут ААН і здзейсніла злачынства агрэсіі.
МЗС Польшчыфота: gov.pl

Польшча падтрымлівае стварэнне Спецыяльнага трыбунала па злачынствах агрэсіі супраць Украіны.

«Праследаванне вінаватых у міжнародных злачынствах, учыненых ва Украіне і супраць Украіны (...) неабходнае, каб паказаць, што міжнароднае права не дапускае беспакаранасці», – гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы.

У міністэрстве заяўляюць, што, напаўшы на Украіну, Расія парушыла Статут ААН і здзейсніла злачынства агрэсіі. У заяве нагадваецца, што гэта найвышэйшае міжнароднае злачынства паводле рашэння Нюрнбергскага трыбунала. У МЗС таксама падкрэсліваюць, што расійскае ўварванне ва Украіну прывяло да іншых міжнародных злачынстваў, і таму яго выканаўцы не могуць застацца беспакаранымі.

У польскім МЗС зазначаюць, што Міжнародны крымінальны суд не можа дзейнічаць у справе аб злачынствах, учыненых супраць Украіны. У заяве нагадваецца, што гэта павінна быць ухвалена Радай бяспекі ААН, членам якой з'яўляецца Расія.
«У сувязі з немагчымасцю дзейнічаць праз Раду Бяспекі (...) Польшча падтрымлівае стварэнне трыбунала шляхам пагаднення паміж генеральным сакратаром ААН і Украінай на падставе рэкамендацыі Генасамблеі», – гаворыцца ў заяве.
МЗС дадае, што Польшча можа падтрымаць і іншыя шляхі стварэння гэтага трыбуналу, калі гэта будзе вынікам міжнародных дамоўленасцяў.

IAR/яс