У Варшаве адбылася ўрачыстасць адкрыцця выставы плакатаў, прысвечаных беларускаму пратэсту 2020 года. Польскі Нацыянальны цэнтр культуры перадаў Музею Вольнай Беларусі мастацкія працы, якія былі падрыхтаваныя ў рамках конкурсу «Бел-чырвона-белы». На гэты конкурс, аб’яўлены Міністэрствам замежных спраў Польшчы і Нацыянальным цэнтрам культуры, арганізатары атрымалі 243 працы, з якіх былі адабраныя 18 найлепшых. Сярод траіх пераможцаў – адна беларуска і двое палякаў.
Важна, што плакаты папоўняць калекцыю экспанатаў Музею Вольнай Беларусі, – адзначае дырэктарка музею Наталля Задзяркоўская.
- Гэтая ініцыятыва знайшла водгук і ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы, і ў Міністэрстве культуры. Гэта добры сумесны праект, для мяне ён важны яшчэ і тым, што пасля адкрыцця выставы плакаты з гэтага конкурсу «Бел-чырвона-белы» пойдуць у фонд музею і значна яго ўзмоцняць. Адна з нашых мэтаў – гэта збор прадметаў, звязаных з беларускім пратэстам.
Ва ўрачыстай перадачы плакатаў у Музей Вольнай Беларусі ўдзельнічаў між іншым віцэ-прэм’ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Пётр Гліньскі, які адзначыў, што выстава паказвае супраціў палякаў у адносінах таго тэрору, які разгарнуў рэжым Лукашэнкі ў Беларусі.
- Няма згоды на гэты пераслед і мы ніколі не спынім нашы намаганні ў напрамку вызвалення палітычных вязняў і вызвалення Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі. Гэты музей – выдатны прыклад барацьбы, якой найбольш баяцца дыктатары – барацьбы ў галіне культуры.
Перадача выставы плакатаў адбылася ў рамках адзначэння 105-ай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (25.03.1918 г).
нг