Беларуская Служба

У Беластоку адбылася акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам

27.02.2024 15:03
Анджэй Пачобут быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года і знаходзіцца за кратамі ўжо 35 месяцаў.
У Беластоку адбылася акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам PAP/Artur Reszko

У Беластоку пры помніку ксяндзу Ежы Папялушку прайшла традыцыйная акцыя ў падтрымку зняволенага ў Беларусі журналіста і актывіста Саюза палякаў у Беларусі – Анджэя Пачобута, які знаходзіцца ў няволі ўжо 35 месяцаў. Віцэ-старшыня саюза Марэк Занеўскі распавёў апошнія навіны пра палітвязня.

«Ведаем дакладна толькі тое, што пад канец месяца ён павінен выйсці з ПКТ. Закончыцца паўгадавы тэрмін. Сочым, што будзе далей. Прагнозы не вельмі аптымістычныя. Могуць дабавіць яшчэ. Тое, што ён перадае ў сваіх лістах, ён чакае, што падоўжыцца гэты тэрмін яшчэ на паўгода. Надалей існуюць праблемы з даставай лекаў, не даюць лекі ад сэрца, якія патрэбныя яму штодзённа. Сітуацыя складаная і выклікае пэўны непакой», – сказаў Занеўскі.

На акцыю ўпершыню прыйшоў і новы ваявода Падляшша – Яцэк Бжазоўскі. Палітык выказаў сваю падзяку прысутным і паабяцаў у будучым, пры магчымасці, далучацца да акцыі салідарнасці з Анджэем Пачобутам.

Анджэй Пачобут быў арыштаваны ў Гродне 25 сакавіка 2021 года. У лютым мінулага года быў прысуджаны да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта «распальванне варожасці» і «рэабілітацыю нацызму», а таксама «за заклікі да ўвядзення санкцый», нагадвае «Радыё Рацыя».

аз