Паседжанне Рады нацыянальнай бяспекі перад вылетам у ЗША з’яўляецца важным пасылам, што бяспека Польшчы – найважнейшая справа, кажа старшыня парламенцкай Камісіі нацыянальнай абароны.
Палітычныя разыходжанні не маюць значэння, калі гаворка ідзе пра рашэнні адносна бяспекі Польшчы, заявіў Анджэй Гжыб(Andrzej Grzyb):
- Таксама для польскай грамадскай думкі сумесны візіт у ЗША прэзідэнта і прэм’ера ў гадавіну далучэння Польшчы да НАТА важны. Хоць я чуў таксама каментары, што гэта жэст асаблівай прыхільнасці з боку амерыканскай адміністрацыі.
Пасля сустрэчы абодва палітыкі накіруюцца у Вашынгтон, дзе сустрэнуцца з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Перамовы адбудуцца 12 сакавіка, у дзень святкавання 25-годдзя прысутнасці Польшчы ў НАТА.
Пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі пройдзе па ініцыятыве прэзідэнта. Анансуючы сустрэчу, Анджэй Дуда заявіў, што ейная мэта – паказаць адзінства польскіх уладаў у пытаннях бяспекі перад супольным візітам у ЗША.
Прэзідэнт таксама дадаў, што падчас перамоваў у Белым доме будзе абмяркоўвацца цяперашняя сітуацыя ў альянсе і яго далейшае пашырэнне, а таксама польска-амерыканскае супрацоўніцтва, у тым ліку закупкі амерыканскай зброі.
IAR/аз