Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю некалькі тыдняў праводзіла ўнутраны аўдыт IT-кампаній, якія карысталіся праграмай «Poland Business Harbour» у 2020-2023 гадах, піша сённяшняя Rzeczpospolita. Гэта была галоўная візавая праграма ўраду Матэвуша Маравецкага для бізнесу – IT-спецыялістаў і IT-кампаній з Беларусі, якія маглі прыязджаць у Польшчу цэлымі сем'ямі дзякуючы адмысловым візам больш чым на тры гады. У 2021 годзе праграма была пашыраная на Грузію, Расію, Украіну, Малдову і Арменію.
Rzeczpospolita ўжо некалькі месяцаў таму пісала, што гэта была праграма-прывід. Колькасць выдадзеных віз у дзесяць разоў большая, чым іншаземцаў, якія прыехалі ў Польшчу. Напрыканцы студзеня гэтага года Міністэрства замежных спраў закончыла праграму.
Газета піша, што, аказваецца, толькі грамадзянам Беларусі Польшча выдала ажно 93 тысячы віз PBH, але ў краіну па візе заехала толькі каля 15 тысяч чалавек з візай PBH усіх нацыянальнасцяў (інфармацыя Памежнай службы). Летась польскую мяжу па візе PBH перасеклі 2184 беларусы, 110 расіян, 12 грузінаў і 114 замежнікаў з іншых краін (у тым ліку з Індыі, Ірана, Карэі, Японіі, Азербайджана).
Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю хоча як мага хутчэй і шырэй растлумачыць гэтае пытанне, агенцтва супрацоўнічае з упаўнаважанымі службамі, дае ўсе неабходныя тлумачэнні і прадастаўляе ўсе дакументы, неабходныя службам. Акрамя таго, новае кіраўніцтва агенцтва звернецца ў Вышэйшую кантрольную палату з просьбай правесці спецыяльны аўдыт функцыянавання праграмы PBH у рамках бізнес-шляху, якім кіруе агенцтва.
ав/Rzeczpospolita