Беларуская Служба

У Варшаве адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Палаца Рэчы Паспалітай

21.05.2024 07:03
З сённяшняга дня каля 200 найкаштоўнейшых прадметаў Нацыянальнай бібліятэкі ад VIII стагоддзя да нашых дзён будуць экспанавацца ў адноўленым Палацы Рэчы Паспалітай у Варшаве.
Палац Рэчы Паспалітай Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве пасля апошняга этапу рамонтных прац PAP/Radek Pietruszka

Помнік XVII стагоддзя ўпершыню ў гісторыі будзе адкрыты для наведвальнікаў.

«Мы адкрываем Палац Рэчы Паспалітай упершыню з моманту яго пабудовы, з XVII стагоддзя ён ніколі не быў даступны для наведвальнікаў, а цяпер 6 дзён на тыдзень можна прыйсці бясплатна і не толькі паглядзець інтэр'еры, але таксама пабачыць найвялікшыя скарбы Нацыянальнай бібліятэкі: тэксты, з якіх пачынаецца польская дзяржаўнасць, гэта значыць рукапісы Шапэна, у тым ліку канцэрт фа мінор, рукапісы Міцкевіча, Норвіда, Ажэшкі, Налкоўскай, Канапніцкай, усё самае важнае, цікавае ў нашай гісторыі», — сказаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Томаш Макоўскі.

Мерапрыемства будзе суправаджацца адкрытым канцэртам на плошчы Красіньскіх пад кіраўніцтвам Кшыштафа Матэрны. Прагучыць песня «Słowo», якую для гэтай нагоды напісаў Тадэвуш Возняк. Сярод іншых выступяць Даніэль Альбрыхскі, Ёана Куліг, Тадэвуш Возняк, Ганна Дымна, Ян Пешэк і Віктар Збароўскі, а таксама аркестр Sinfonia Varsovia пад кіраўніцтвам Войцеха Міхнеўскага і рок-гурт пад кіраўніцтвам Марэка Радулі.

Пачатак канцэрта а 20.30. Неўзабаве пасля цырымоніі запланавана начная экскурсія па інтэр'ерах і экспазіцыі палаца.

Палац Рэчы Паспалітай будзе даступны для наведвальнікаў бясплатна 6 дзён на тыдзень, акрамя аўторка, з 11.00 да 19.00.

ПР/юл