Беларуская Служба

Наплыў замежнікаў спрыяе польскаму рынку працы

02.07.2024 09:04
Такую выснову робяць журналісты штодзёнкі «Rzeczpospolita», абапіраючыся на дадзеныя сацыяльнага страхавання.
Ілюстрацыйны здымакObraz Steve Buissinne z Pixabay/CC0

У Польшчы павялічыліся выдаткі на дапамогу па хваробе для замежнікаў з 41,8 мільёна злотых у 2015 годзе да 374,6 мільёна злотых прыканцы 2023 года. Аднак польская сістэма сацыяльнага страхавання ўсё яшчэ выйграе ад гэтага, а не губляе – піша ў аўторак «Rzeczpospolita».

Як піша штодзёнка, «гэта вынікае з апошняй справаздачы ZUS» (Упраўлення сацыяльнага страхавання).

«Наплыў замежнікаў спрыяе нашаму рынку працы. Калі б не яны, мы б мелі сёння значна большыя праблемы ў галіне працаўладкавання. Сітуацыя з Фондам сацыяльнага страхавання таксама была б цяжэйшай», — кажа Оскар Сабалеўскі з HRK Payroll Consulting.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што «ў адрозненне ад папярэдніх гадоў таму, большасць замежнікаў працуюць у нашай краіне легальна, што таксама азначае большыя аплаты на страхаванне». «Пра гэта сведчаць дадзеныя ZUS, якія паказваюць, што ў 2015 годзе колькасць замежнікаў, зарэгістраваных на пенсійнае страхаванне і сацыяльнае страхаванне, складала 184,2 тысячы чалавек, а ў канцы 2023 года іх было 1,12 мільёна (рост больш чым на 500 працэнтаў)», - зазначае выданне.

Штодзёнка падкрэслівае, што «самую вялікую групу застрахаваных замежнікаў складалі наёмныя работнікі (у снежні 2023 г. гэта было 58,8% замежнікаў, зарэгістраваных у ZUS)». Пры гэтым «доля замежнікаў, заяўленых як беспрацоўныя, была ніжэй за 1 працэнт». – заяўляюць журналісты.

PAP/юл