Злучаныя Штаты Амерыкі абвясцілі аб заключэнні другога пагаднення з Польшчай аб прамой пазыцы ў памеры 2 мільярдаў долараў на фінансаванне польскіх узброеных сіл. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер.
«Польшча зʼяўляецца моцным хаўруснікам ЗША, і гэтае пагадненне яшчэ больш умацуе ўсходні фланг НАТА», – заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША. Мэцью Мілер нагадаў, што Польшча рэалізуе буйную праграму мадэрнізацыі сваіх узброеных сіл, у тым ліку закупку амерыканскага абароннага абсталявання,напрыклад, самалётаў F-35, ракетаў Patriot і танкаў Abrams.
«Польшча зʼяўляецца лідарам у НАТА, у цяперашні час выдаткоўвае чатыры працэнты ВУП на абарону, што зʼяўляецца самым высокім вынікам у альянсе», – падкрэсліў Мілер.
Ён таксама нагадаў, што на тэрыторыі Польшчы размешчаны тысячы амерыканскіх і хаўрусніцкіх вайскоўцаў, у тым ліку штаб V корпуса ЗША ў Познані.
Дзярждэпартамент заявіў, што ўрад ЗША выдзеліць да 60 мільёнаў долараў замежнага ваеннага фінансавання для субсідзіравання працэнтаў па гэтым крэдыце. Сродкі з пазыкі будуць накіраваны на фінансаванне тэрміновых закупак абароннай прадукцыі і паслуг у ЗША.
IAR/аз