Беларуская Служба

Будуць змены ў дзейнасці Фонду Справядлівасці, між іншым у правілах размеркавання сродкаў

08.12.2024 11:43
Бюджэт Фонду Справядлівасці складае не менш за 200 мільёнаў злотых у год.
 .
Польскі суд. ІлюстрацыяФота: shutterstock

У бліжэйшыя тыдні будуць прынятыя адміністрацыйныя рашэнні адносна вяртання сродкаў з Фонду Справядлівасці (Fundusz Sprawiedliwości). Як паведаміла намесніца міністра юстыцыі Зузанна Рудзіньска-Блюшч (Zuzanna Rudzińska-Bluszcz), гаворка ідзе пра больш за 100 мільёнаў злотых, выплачаных па ануляваных дагаворах.

«Пасля ўнутраных праверак, супрацоўніцтва з Генеральнай пракуратурай і шматлікіх знешніх праверак, мы вызначылі 21 дагавор, па якім сродкі былі выплачаныя ў мінулыя гады. Мы будзем патрабаваць вяртання гэтых сум», — паведаміла Рудзіньска-Блюшч.

Сярод арганізацый, абавязаных вярнуць сродкі, знаходзіцца, у прыватнасці, фонд Profeto ксяндза Міхала Альшэўскага (ён быў часова арыштаваны, між іншым за адмыванне грошай – рэд.), які павінен вярнуць 66 мільёнаў злотых, паводле звестак Міністэрства юстыцыі.

На наступны год плануецца запуск новых конкурсаў. Сродкі фонду будуць накіраваны пераважна на дапамогу пацярпелым і падтрымку пасля пенітэнцыярнай рэабілітацыі. Унесены таксама прававыя змены — выключаны параграф 11, які дазваляў размеркаванне сродкаў па-за конкурсамі. Цяпер абавязковай стала публікацыя вынікаў конкурсаў, што павінна забяспечыць больш празрыстасці і мэтазгоднасці расходаў.

«Гэта мэтавы фонд. Мы павінны прытрымлівацца закона аб дзяржаўных фінансах, які прадбачвае рацыянальны падыход і ашчаднасці. Больш не будзе падтрымкі добраахвотных пажарных брыгад ці колаў вясковых гаспадынь», — заявіла намесніца міністра.

Бюджэт Фонду Справядлівасці складае не менш за 200 мільёнаў злотых у год. У наступным годзе сума павялічыцца за кошт сродкаў, якія ў гэтым годзе не ўдалося размеркаваць з-за прыпынення тэндэраў.

IAR/PAP/нг