Галоўнымі тэмамі для абмеркавання з’яўляюцца геапалітычная сітуацыя, далейшыя дзеянні ў падтрымку Украіны і перамовы прэзідэнта Польшчы з прадстаўнікамі амерыканскай адміністрацыі, у тым ліку з прэзідэнтам Дональдам Трампам. Анджэй Дуда сустрэўся з кіраўніком ЗША ў суботу падчас кансерватыўнага кангрэса CPAC. Польскі прэзідэнт паведаміў пасля сустрэчы, што Дональд Трамп пацвердзіў адданасць бяспецы Польшчы.
Прэзідэнт адзначыў, што размаўляў з Дональдам Трампам пра сітуацыю ва Украіне і пачуў ад амерыканскага лідара рашучую заяву пра імкненне завяршыць вайну. Трамп таксама выказаўся пра Польшчу.
«Ён сказаў, што мы з'яўляемся адным з самых надзейных саюзнікаў», — паведаміў Анджэй Дуда.
Прэзідэнт дадаў, што Дональд Трамп пахваліў Польшчу за значныя выдаткі на абарону і закупку ўзбраення ў ЗША. Дуда звярнуўся да амерыканскага прэзідэнта з заклікам умацоўваць бяспеку нашага рэгіёна.
«Трэба перш за ўсё ўмацоўваць бяспеку Польшчы і Цэнтральнай Еўропы», — падкрэсліў польскі прэзідэнт.
Рада нацыянальнай бяспекі з'яўляецца дарадчым органам прэзідэнта па пытаннях унутранай і знешняй бяспекі. У яе склад уваходзяць маршалы Сейма і Сената, прэм’ер-міністр, кіраўнікі МЗС, Мінабароны і МУС, лідары парламенцкіх партый, а таксама кіраўнікі канцылярыі прэзідэнта і Бюро нацыянальнай бяспекі. Пасяджэнні Рады склікае прэзідэнт, і ён жа вызначае тэматыку абмеркавання.
IAR/нг