Сёння выпускнікі сярэдніх школ і тэхнікумаў у Польшчы пачынаюць здаваць экзамены на атэстат сталасці. Гэта велізарная лагістычная аперацыя, бо гэтак званую «матуру» будуць здаваць 275 000 сёлетніх выпускнікоў, а таксама 49 000 тых, хто хоча палепшыць свае вынікі з папярэдніх гадоў.
Раніцай дырэктары школ атрымалі ад кур'ераў лісты з заданнямі, паясняе дырэктар Цэнтральнай экзаменацыйнай камісіі Роберт Закшэўскі (Robert Zakrzewski):
- Для кожнай школы была падрыхтаваная апячатаная пасылка. Іх пастаўляюць у паасобныя школы паводле раней вызначанага графіка. У выпадкова выбраных пасылках мы размяшчаем перадатчыкі, якія актывуюцца пры адкрыцці. Такім чынам мы правяраем, ці пасылкі раней ніхто не адкрыў.
Акрамя таго, супрацоўнікі раённых экзаменацыйных камісій могуць патэлефанаваць у выпадкова выбраныя школы і папрасіць паказаць па відэасувязі апячатаныя пакеты з экзаменацыйнымі задачамі.
Сёння (5 траўня) выпускнікі пішуць экзамен па польскай мове. У аўторак — па матэматыцы, а ў сераду — па замежнай мове. Экзамены на атэстат сталасці завершацца 24 траўня, а іх вынікі будуць абвешчаныя 8 ліпеня.
IAR/аз