Беларуская Служба

У Польшчы будуць выдаваць вадзіцельскія правы з 17 гадоў

07.05.2025 10:27
Міністэрства інфраструктуры паведаміла таксама, што імкнецца знізіць узроставы цэнз для іншых катэгорый вадзіцельскіх правоў.
M
Mіністр інфраструктуры Дарыюш КлімчакIAR Piotr Podlewski

Міністэрства інфраструктуры Польшчы хоча знізіць узрост для атрымання вадзіцельскіх правоў. Змены прадугледжваюць, што з 17-ці гадоў можна будзе здаваць экзамены на вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі В без дадатковых фармальнасцей.

Сказаў аб гэтым у эфіры Польскага радыё міністр інфраструктуры Дарыюш Клімчак (Dariusz Klimczak).

Міністр паведаміў, што таксама імкнецца знізіць узроставы цэнз для іншых катэгорый:

— Я таксама хачу знізіць узрост для атрымання правоў кіроўцы аўтобуса і грузавіка. На рынку дэфіцыт кіроўцаў-дальнабойнікаў. Мой французскі калега сказаў мне наўпрост, што, калі ў Францыі паніжалі гэтыя тыпы ўзроставых парогаў, гаворка ішла не толькі пра тое, каб аддаць належнае маладым людзям і выказаць ім давер, але і аб эканамічных пытаннях.

Акрамя гэтага, Міністэрства інфраструктуры імкнецца ўзмацніць санкцыі для парушальнікаў часовай забароны на кіраванне аўтамабілем. У Польшчы кіроўца можа пазбавіцца вадзіцельскіх правоў на тры месяцы за перавышэнне хуткасці ў населеным пункце на 50 км/г.

— Калі чалавек не выконвае тэрмін часовага пазбаўлення вадзіцельскіх правоў, ён не зможа прэтэндаваць на атрыманне правоў на працягу 5 гадоў, - паведаміў міністр Клімчак.

Міністр Клімчак спадзяецца, што законапраект будзе прыняты ўвосень.

У Польшчы, у адпаведнасці з дзеючымі правіламі, правы кіроўцы катэгорыі B можна атрымаць з 18 гадоў, а катэгорыі C - з 21 года.

IAR/яс