Падчас Канскага кінафестывалю адным з найважнейшых польскіх акцэнтаў стане сусветная прэм'ера польска-французскай сумеснай прадукцыі «Няхай будзе мая воля», рэжысёрам якой з'яўляецца Юлія Кавальскі, якая мае польска-французскія карані.
У інтэрв'ю Польскаму радыё Юлія Кавальскі падкрэсліла, што прэм'ерны паказ яе фільма ў Канах — вялікі гонар. «Няхай будзе мая воля» — гэта гісторыя пра маладую дзяўчыну Навойку, якая выступае супраць свету, дзе ўладараць мужчыны, якія не паважаюць жанчын. Юлія Кавальскі тлумачыць, што гэта асабісты і надзвычай важны для яе фільм. «Гэта важны фільм для нас, жанчын, пра нас і для нас. Ён паказвае сілу, якую кожная жанчына носіць у сабе і якую нельга замоўчваць. Для мяне гэты фільм — гэта таксама сувязь дзвюх культур, двух светаў, якія знаходзяцца ўва мне. Хоць я нарадзілася ў Францыі, я вельмі прывязаная да Польшчы, таму гэты фільм — гэта таксама спроба зразумець, хто я ў свеце».
Фільм зняты сумесна са студыяй ORKA. Прадзюсарка Магда Зімецка дадала, што не толькі рэжысёр мае польскія карані, ёсць і польскі фінансавы ўнёсак у фільм. Паляк Войцех Янішэўскі адказвае за спецэфекты, а галоўную гераіню грае польская акторка Марыя Врубель. У фільме таксама зняліся Войцех Скібінскі, Куба Дыневіч, Пшэмыслаў Пшэстшэльскі і французская акторка Раксана Мескіда. Музыку напісаў Даніэль Кавальскі, а ў саўндтрэк увайшлі песні гуртоў «Brathanki», «Piwnica pod Baranami» і «Akcent».
Сярод іншых польскіх акцэнтаў у Канах — сумесная польска-японска-брытанская стужка «Пейзаж колеру сепіі» рэжысёра Кея Ішыкавы, паказаная ў афіцыйнай селекцыі 78-га фестывалю. За здымкі адказваў Пётр Немыйскі, а музыку напісаў Павел Мыкецін. У раздзеле «Куток кароткаметражных фільмаў» паказаны два польскія кароткаметражныя фільмы: «Харчовы ланцуг» і «Усё, што трэба памятаць».
ПР/юл