Беларуская Служба

Сейм Польшчы падоўжыў забарону на падачу заяваў аб прадастаўленні прытулку на мяжы з Беларуссю

21.05.2025 12:02
Урад Польшчы неаднаразова падкрэсліваў, што рэжым Лукашэнкі садзейнічае арганізаванай міграцыі, выкарыстоўваючы яе як інструмент ціску на Польшчу і Еўрасаюз.
Польскія снайперы на мяжы з БеларуссюФота: Dowództwo Generalne Rodzajów Sił Zbrojnych

Сейм Польшчы прагаласаваў за падаўжэнне на 60 дзён часовага абмежавання падачы заяў аб прадастаўленні міжнароднай абароны на мяжы з Беларуссю. Абмежаванне падтрымалі 366 дэпутатаў, 17 чалавек было супраць, а 77 народных выбраннікаў не прынялі ўдзелу ў галасаванні.

Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк пазітыўна выказаўся пра рашэнне парламента. Ён напісаў у сацсетках, што «гэта вельмі важны інструмент для эфектыўнай аховы мяжы ад нелегальнай міграцыі».


Міністр таксама зазначыў, што гэта – «моцны сігнал для арганізатараў незаконных маршрутаў і злачынцаў, якія нажываюцца на гандлі людзьмі». Сямоняк падкрэсліў, што «шляху ў Польшчу і ЕС няма».

Афіцыйная Варшава неаднаразова падкрэслівала, што рэжым Лукашэнкі садзейнічае арганізаванай міграцыі, выкарыстоўваючы яе як інструмент ціску на Польшчу і Еўрасаюз.

Абмежаванні на падачу прашэнняў аб абароне на мяжы былі ўведзеныя ў 2021 годзе, іх рэгулярна падаўжаюць.

вс