Сёння ў Польшчы адзначаецца Дзень ветэранаў дзеянняў па-за межамі дзяржавы. З гэтай нагоды ў горадзе Гдыня, які з’яўляецца галоўнай базай ВМС Польшчы, прайшлі прынагодныя ўрачыстасці. Удзел у мерапрыемстве прыняло некалькі соцень удзельнікаў міратворчых і стабілізацыйных місій, з іх некалькі дзясяткаў атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды.
Удзел у міратворчых і стабілізацыйных місіях – гэта сведчанне таго, што польскі салдат змагаецца за свабоду не толькі свайго народу, але і іншых, сказаў прысутны на мерапрыемстве віцэ-прэм’ер, міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
- Мы нясём польскі сцяг у розныя куткі свету, мы нясём сцяг міру, бо польскі народ – мірны народ. Мы не ўзбройваемся для таго, каб на некага нападаць, мы ўзбройваемся, каб абараняцца ад агрэсіі, якая заўсёды ідзе з таго самага боку. Таму мы павінны быць найлепшымі сярод найлепшых, і у нас – такая армія і такія салдаты.
Старшыня Сейму Польшчы Шыман Галоўня, жонка якога, дарэчы, з’яўляецца пілотам знішчальнікаў у ВПС Польшчы ў званні маёра, сказаў, што часам салдатам прыходзіцца плаціць высокую цану за сваю службу.
- Мы, палітыкі, служым Польшчы са сцягам у руках, а вы служыце Польшчы са сцягам і арлом на мундзірах і фуражках. І часам здараецца, што вам прыходзіцца заплаціць высокую цану за службу.
Дзень ветэранаў дзеянняў па-за межамі дзяржавы быў устаноўлены 29 мая 2012 года Сеймам Польшчы.
вс