На фоне росту пагроз з боку Расіі і нестабільнасці ў рэгіёне краіны НАТА ўзмацняюць супрацу дзеля ўмацавання бяспекі ўсходняга флангу Альянсу. Польшча, якая мяжуе з Украінай і Беларуссю, застаецца ключавой дзяржавай у гэтай архітэктуры абароны.
Як паведаміў віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш, Нямеччына прыняла рашэнне аб прадаўжэнні місіі Бундэсвера на тэрыторыі Польшчы.
«Нямецкія зенітна-ракетныя комплексы Patriot застаюцца на аэрадроме ў Ясёнцы як мінімум да канца года. Мы ўдзячныя Нямеччыне за тое, што яна выконвае свае абавязкі перад саюзнікамі», — адзначыў міністр пасля двухбаковых перамоваў са сваім нямецкім калегам Борысам Пісторыусам.
Таксама паведамляецца, што Нарвегія ў другі раз сёлета накіруе ў Польшчу самалёты пятага пакалення F-35 для патрулявання паветранай прасторы, а Аўстралія паўторна дашле самалёт дальняй радыёлакацыйнай разведкі AWACS. Абедзве місіі распачнуцца ў найбліжэйшыя тыдні.
Паводле польскіх уладаў, такая падтрымка сведчыць пра салідарнасць саюзнікаў і стратэгічнае значэнне Польшчы ў сістэме калектыўнай абароны НАТА.
IAR/эж