Беларуская Служба

Абвешчаныя намінанты на Цэнтральнаеўрапейскую літаратурную прэмію Angelus

28.06.2025 16:24
Чатырнаццаць намінантаў былі адабраны са ста трыццаці сямі закваліфікаваных прэтэндэнтаў.
     Angelus
Урачыстасць уручэння Цэнтральнаеўрапейскай літаратурнай прэміі Angelus у мінулым годзеfot. Max Pflegel | Wrocławski Dom Literatury/https://angelus.com.pl/

Журы Цэнтральнаеўрапейскай літаратурнай прэміі Angelus адабрала чатырнаццаць найлепшых кніг, аўтары якіх маюць шанец атрымаць званне лаўрэата прэміі; сярод іх пяць польскіх аўтараў. 

Як паведамілі арганізатары, у спіс увайшлі пяць кніг польскіх аўтараў: «Wczoraj byłaś zła na zielono» Элізы Концкай, «Kamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia» Анеты Прымака-Онішк, «Na przecięciu arterii» Кшыштафа Сіўчыка, «Mała empiria» Катажыны Собчук і «Król Warmii i Saturna» Ёаны Віленгоўскай.

Астатнія кнігі, якія закваліфікаваліся да наступнага этапу, паходзяць з Харватыі, Эстоніі, Македоніі, Босніі і Герцагавіны, Латвіі, Германіі, Украіны і Албаніі.

Цяпер журы абярэ сем кніг з іх, якія пройдуць у фінал. Аўтар пераможнай прозы можа разлічваць на фінансавую ўзнагароду ў памеры 150 000 злотых. Гэта найвышэйшая літаратурная ўзнагарода, якая прысуджаецца ў Польшчы. Усе аўтары, чые кнігі трапяць у фінальную сямёрку, будуць адзначаны прызам у памеры 5000 злотых.

У 2025 годзе журы ацэньвала агулам кнігі з 10 еўрапейскіх краін. «Рэчы, расказаныя ў гэтых творах, паказваюць складаную, але таксама вельмі характэрную для нашага рэгіёну гісторыю пра грамадства і асобных людзей, мінулае, сучаснасць і тое, што нас яшчэ можа чакаць», — кажа Аляксандра Канопка з Уроцлаўскага дома літаратуры.

Паводле арганізатараў, прэмія дапамагае пазначыць тэмы і праблемы, якія зараз ёсць у жыцці цэнтральнаеўрапейскай літаратуры, і тым самым паказаць грамадскія настроі.

У гэтым годзе прэмія будзе ўручацца ў дваццаты раз. Яе ідэя — падтрымаць найбольш выдатных пісьменнікаў з Цэнтральнай Еўропы. Прэмія таксама прызначана для таго, каб пазначыць найважнейшыя літаратурныя з'явы, якія з'яўляюцца ў еўрапейскай прозе. Яна заснавана горадам Уроцлаў.

З 2010 года таксама ўручаецца прэмія Angelus за пераклад (40 000 злотых). Чытачы таксама могуць выбраць свой любімы твор у анлайн-галасаванні.

Людзі, якія вылучаліся або былі намінаваныя на Angelus, атрымлівалі найважнейшыя ўзнагароды ў літаратурным свеце, у тым ліку Міжнародную букераўскую прэмію і Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Сярод іх Вольга Такарчук, Святлана Алексіевіч, Юрый Андруховіч, Гюнтэр Грас і Марцін Полак.

PAP/юл