Беларуская Служба

Туск пра старшынства Польшчы ў ЕС: Мы асэнсавалі, што Еўропа мусіць абараняць сябе самастойна

30.06.2025 09:45
«Еўрапейскі Саюз павінен увайсці ў стан поўнай мабілізацыі». 
  .
Прэм'ер Польшчы Д. Туск PAP/Wiktor Dąbkowski

30 чэрвеня 2025 года завяршаецца шасцімесячны перыяд старшынства Польшчы ў Радзе Еўрапейскага Саюза. За гэты час былі ўзгоднены два пакеты санкцый супраць Расіі, а таксама ўведзены мытныя абмежаванні на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі і ўгнаенняў з Расіі і Беларусі.

На нядаўнім саміце ЕС старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен высока ацаніла працу польскай дэлегацыі:

«Ваш тэрмін старшынства быў складаным, але вы справіліся. Мы амаль імгненна дасягнулі пагаднення адносна фонду ўзбраенняў — за 71 дзень. Гэта рэкорд. Гэта неверагодна».

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск падкрэсліў, што польскае старшынства мела паваротнае значэнне ў разуменні бяспекі Еўропы. Паводле яго, ЕС павінен быць гатовы да новых пагроз:

«Еўрапейскі Саюз павінен увайсці ў стан поўнай мабілізацыі. Неабходна рыхтавацца да магчымай агрэсіі. Польскае старшынства стала сігналам: Еўропа мусіць абараняць сваю тэрыторыю самастойна».

Аднак Польшчы не ўдалося дабіцца пачатку перамоваў пра сяброўства Украіны ў ЕС. Планавалася распачаць адзін з раздзелаў перамоў, але вета з боку Венгрыі сарвала гэты крок.

З 1 ліпеня кіраванне ў Радзе ЕС пераймае Данія. Яе прыярытэтамі будуць умацненне абароназдольнасці Еўрасаюза і выпрацоўка новай міграцыйнай палітыкі.

IAR/эж