«Караль Наўроцкі падкрэсліў, што ён з'яўляецца голасам нацыі, якая патрабуе змены падыходу Украіны да важных і пакуль нявырашаных гістарычных пытанняў. Гэта павінна змяніцца», — паведаміў прэс-сакратар Рафал Ляшкевіч.
Падрабязнасці размовы паміж абраным прэзідэнтам Каралем Наўроцкім і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім былі апублікаваныя ў сацыяльных сетках прэс-сакратаром абранага прэзідэнта. Размова адбылася па просьбе ўкраінскага лідара.
Паведамляецца, што Зяленскі павіншаваў Наўроцкага з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах і падкрэсліў, што «супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі павінна грунтавацца на ўзаемнай павазе і сапраўдным партнёрстве».
У сваю чаргу будучы прэзідэнт Польшчы пацвердзіў сваю нязменную падтрымку Украіны ў сувязі з працяглай вайной, якая з'яўляецца вынікам агрэсіі Расійскай Федэрацыі.
«Расія — гэта неаімперская і каланіяльная дзяржава, якой кіруе такі ваенны злачынец, як Уладзімір Пуцін. Таму Украіна, змагаючыся з крамлёўскім рэжымам, можа разлічваць на падтрымку Польшчы», — падкрэсліў прэс-сакратар.
Ляшкевіч сказаў, што гістарычная палітыка таксама была важнай тэмай размовы Наўроцкага і Зяленскага.
«Караль Наўроцкі падкрэсліў, што ён з'яўляецца голасам нацыі, патрабуе змены падыходу Украіны да важных і пакуль нявырашаных гістарычных пытанняў. Гэта павінна змяніцца», — сказаў ён.
Таму абраны прэзідэнт абвясціў, што гістарычныя пытанні стануць прадметам далейшых перамоваў з украінскім прэзідэнтам. Гэта не першая рашучая заява Караля Наўроцкага адносна неабходнасці вырашэння гістарычных пытанняў у адносінах з Украінай. У інтэрв'ю Polsat News ён падкрэсліваў, што не можа ўявіць сабе ўступлення Украіны ў НАТА або Еўрапейскі Саюз, пакуль не будзе вырашана справа Валынскай разні.
«Краіна, якая не можа адказаць за надзвычай жорсткае злачынства супраць 120 тысяч сваіх суседзяў і працягвае ўхіляцца ад гэтага, не можа быць часткай міжнародных альянсаў», — падкрэсліў Наўроцкі.
Яго словы выклікалі крытыку з боку Міністэрства замежных спраў Украіны, якое адказала, што адхіляе «гэтыя прадузятыя і маніпулятыўныя заявы».
Polsat News/ав