Міністр абароны і віцэ-прэм’ер Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што 2026 год стане пераломным у працэсе ўвядзення лёгкіх баявых самалётаў FA-50 у сістэму баявога дзяжурства. Як адзначыў палітык, гэты этап будзе магчымы дзякуючы новым трэнажорам, якія дазволяць рыхтаваць пілотаў у Польшчы, а не адпраўляць іх на навучанне ў Паўднёвую Карэю.
Падчас наведвання 23-й базы тактычнай авіяцыі ў Мінску-Мазавецкім Касіняк-Камыш прыняў удзел у прэзентацыі двух сімулятараў FA-50. Ён паведаміў, што ў бліжэйшы час плануецца ўстаноўка яшчэ двух.
Паводле міністра, польскія лётчыкі і тэхнікі высока ацэньваюць новыя машыны. Асабліва падкрэсліваецца падабенства FA-50 да самалётаў F-16, што дазваляе значна хутчэй пераходзіць ад эксплуатацыі адной мадэлі да другой.
«Гэта спалучаная, сумяшчальная сістэма, якая дае магчымасць нашым пілотам працаваць больш эфектыўна і бяспечна», — заявіў Касіняк-Камыш.
FA-50 вырабляецца паўднёвакарэйскай кампаніяй Korea Aerospace Industries і лічыцца сучасным і надзейным лёгкім баявым самалётам.
PAP/эж