«Можна смела сказаць, што траўмы, звязаныя з самакатамі, – гэта эпідэмія. Асабліва ў гэтым годзе. У мінулым годзе гэта пачалося, але сёлета практычна кожны тыдзень мы шпіталізуем хаця б некалькіх пацыентаў з рознымі відамі траўмаў, звязаных з яздой на электрасамакатах», – адзначыў доктар Томаш Гжэчнік, загадчык аддзялення дзіцячай хірургіі шматпрофільнай абласной бальніцы ў Гожуве-Велькапольскім.
Ён дадаў, што размова ідзе менавіта пра тых, хто патрабуе шпітальнага лячэння, часта хірургічнага.
Гжэчнік сказаў, што толькі на мінулым тыдні ў бальніцу паступіла шэсць пацыентаў, пераважна дзеці. На яго думку, яны часта не выконваюць ніякіх правілаў, звязаных з бяспечным выкарыстаннем электрасамакатаў.
«Самакаты для людзей, як і ровары ці любы іншы від спорту, але любая такая дзейнасць павінна праводзіцца па пэўных правілах. Шлем абавязковы – гэта першы крок. Зараз у нас у палаце ляжыць хлопчык з пераломам чэрапа і ўнутрычарапным крывацёкам. На шчасце, яго стан стабільны. Два дні таму мы выпісалі хлопчыка з падобнымі траўмамі. Усе яны былі без шлемаў», – падкрэсліў лекар.
На яго думку, дастаткова праехаць праз горад, каб убачыць, колькі маладых людзей, і нават дарослых, ездзяць без шлемаў.
«Я цалкам усведамляю ўсю небяспеку такіх траўмаў, таму мы хацелі б звярнуцца да маладых людзей, а таксама да іх бацькоў, з просьбай выконваць пэўныя правілы бяспекі дарожнага руху», – сказаў Гжэчнік.
Ён адзначыў, што да такіх правілаў адносяцца нашэнне шлема, язда на самакаце аднаму, без іншых людзей, і базавае разуменне правілаў дарожнага руху. Праблемай таксама зʼяўляецца разблакіроўка заводскіх прылад бяспекі, якія абмяжоўваюць максімальную хуткасць самакатаў.
Кіраўнік бальніцы адзначыў, што ў Польшчы ўжо адбываліся смяротныя аварыі з удзелам электрасамакатаў.
У правілах выразна акрэслены абавязкі кіроўцы электрасамаката. Ён абавязаны карыстацца праезнай часткай, па якой рух транспартных сродкаў дазволены з хуткасцю не больш за 30 км/г, калі няма веладарожкі, пешаходнай дарожкі або велапаласы.
Кіроўцы электрасамаката могуць карыстацца пешаходнай дарожкай толькі ў тым выпадку, калі пешаходная дарожка размешчана ўздоўж праезнай часткі, па якой рух транспартных сродкаў дазволены з хуткасцю больш за 30 км/г, і няма веладарожкі або паласы для веласіпедыстаў на дарозе.
Паліцыя нагадвае, што дзецям да 10 гадоў забаронена кіраваць электрасамакатам або асабістым транспартным сродкам на дарозе. У жылых раёнах дзеці да 10 гадоў могуць кіраваць электрасамакатам або асабістым транспартным сродкам толькі пад наглядам дарослага.
Для асоб ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў патрабуецца веласіпедная карта або вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі AM, A1, B1 або T.
PAP/вх