Беларуская Служба

Іспанскае даследаванне: Польшча — лідар па колькасці кібератак 

24.08.2025 10:34
Найбольш уразлівымі застаюцца дзяржаўны і энергетычны сектары. Сярод найбольш распаўсюджаных тыпаў атак — узлом сістэм прамысловага кантролю (ICS), уцечка дадзеных і несанкцыянаваны доступ.
.
.Shutterstock/Maksim Shmeljov

Польшча ўзначаліла спіс краін, якія найбольш часта становяцца аб’ектамі так званага гактывізму — палітычна матываваных хакерскіх атак. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні Цэнтра прамысловай кібербяспекі (ZIUR) у іспанскім Сан-Себасцьяне. У рэйтынгу Польшча апярэдзіла, у тым ліку, Украіну і Ізраіль.

Пра гэта паведамляецца ў дакладзе за другі квартал 2025 года, апублікаваным парталам Vozpopuli. У першую дзясятку краін, якія часта бываюць мэтамі палітычна матываваных хакерскіх атак таксама трапілі: Украіна, Вялікабрытанія, Францыя, Германія, Нідэрланды, Фінляндыя, Літва, Румынія і Ізраіль. Іспанія апынулася па-за межамі топ-10.

Эксперты адзначаюць, што колькасць палітычна і сацыяльна матываваных кібератак апошнім часам рэзка ўзрасла. У Еўропе зафіксавана больш за 2 500 паспяховых DoS-атак, накіраваных на парушэнне нармальнай працы сістэм.

Найбольш уразлівымі застаюцца дзяржаўны і энергетычны сектары. Сярод найбольш распаўсюджаных тыпаў атак — узлом сістэм прамысловага кантролю (ICS), уцечка дадзеных і несанкцыянаваны доступ.

Рост атак на прамысловыя сістэмы звязваюць з дзейнасцю груповак, звязаных з Расіяй, якія «правялі скаардынаваную кампанію, надаўшы асаблівую ўвагу еўрапейскаму энергетычнаму сектару», — падкрэсліваецца ў справаздачы.

Іспанскі цэнтр ZIUR быў створаны ў 2019 годзе па ініцыятыве ўладаў Краіны Баскаў. Яго задача — дапамагаць прамысловым кампаніям у павышэнні кіберстойкасці, маніторыць пагрозы і рыхтаваць аналітычныя даклады.

PAP/эж


Ці пагражае Польшчы кіберкапітуляцыя? Вайна ў інтэрнэце ўзмацняецца

10.07.2025 16:48
Польшча апынулася на далёкім, 17-м месцы ў Еўропе па лічбавай бяспецы. І стала галоўнай мэтай хакераў.